МОЧАПАЛАВА́Я СІСТЭ́МА,

сукупнасць анатамічна, функцыянальна і генетычна звязаных органаў мочавыдзялення (нырак, мачаточнікаў) і палавой сістэмы ў беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека. У земнаводных і большасці рыб мача і палавыя прадукты выводзяцца праз мезанефральныя пратокі. У самцоў паўзуноў, птушак, млекакормячых жывёл і чалавека першасная нырка ператвараецца ў прыдатак семянніка, а яе праток (вольфаў) — у семяправод; у самак палавыя прадукты выводзяцца праз яйцаводы. М.с. мае агульную вывадную трубку (мочаспускальны канал у мужчын) ці адкрываецца ў адзіную агульную прастору (пераддзвер’е похвы ў жанчын). У мочапалавыя каналы ўпадаюць пратокі дадатковых залоз: у самцоў — семянныя пузыркі і прастата, цыбуліна-бульбаурэтральныя залозы; у самак — вял. залозы пераддзвер’я похвы. Рост і фарміраванне органаў М.с. адбываецца найб. інтэнсіўна пры палавым выспяванні. Пры старэнні назіраецца характэрнае для парэнхіматозных органаў (ныркі, палавыя залозы) замяшчэнне парэнхіматозных клетак злучальнай тканкай, змяншэнне іх памераў і зніжэнне функцыі.

А.С.Леанцюк.

т. 10, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)